Решение Конституционного Суда Республики Беларусь от 28 августа 2007 г. № П-218/2007 Аб вырабе бланкаў для цэнтралiзаванага тэсцiравання на беларускай мове


РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

28 жнiўня 2007 г. № П-218/2007



30.08.2007 № 01/283



Савет Мiнiстраў

Рэспублiкi Беларусь

Аб вырабе бланкаў для цэнтралiзаванага тэсцiравання на беларускай мове

У Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь паступiў зварот па пытанню адсутнасцi бланкаў для цэнтралiзаванага тэсцiравання на беларускай мове.

Прааналiзаваўшы нормы Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, законаў Рэспублiкi Беларусь «Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь», «Аб адукацыi», Палажэння аб парадку арганiзацыi i правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

Парадак арганiзацыi, падрыхтоўкi i правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, парадак узаемадзеяння i функцыi юрыдычных асоб, правы i абавязкi асоб, якiя ўдзельнiчаюць у цэнтралiзаваным тэсцiраваннi, вызначаны Палажэннем аб парадку арганiзацыi i правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 (далей – Палажэнне).

У адпаведнасцi з пунктам 12 Палажэння для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi абiтурыент падае заяву па форме згодна з дадаткам 6. Замежныя грамадзяне i грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права накiроўваць заяву па пошце, запоўнiўшы яе па форме згодна з дадаткам 7. Бланкi ўказаных заяў вырабляюцца толькi на рускай мове.

Бланкi для запiсу адказаў абiтурыента на тэставыя заданнi (узор распрацаваны Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь сумесна з Рэспублiканскiм iнстытутам кантролю ведаў) вырабляюцца таксама на рускай мове. Пры гэтым абiтурыенты, якiя праходзяць цэнтралiзаванае тэсцiраванне на беларускай мове, запаўняюць бланк адказаў: месца рэгiстрацыi (частка А) – на рускай мове; месца адказаў (частка Б) – на беларускай мове (запаўненне гэтай часткi бланка адказаў мае на ўвазе не толькi ўказанне аднаго з варыянтаў адказа, але i выкладанне кароткiх адказаў на заданнi без варыянтаў адказу).

Адзначаючы, што сфармiраваная на падставе Палажэння практыка вырабу бланкаў заяў на ўдзел у цэнтралiзаваным тэсцiраваннi i бланкаў для запiсу адказаў абiтурыента на тэставыя заданнi толькi на рускай мове не ўплывае на вынiкi тэсцiравання абiтурыентаў, якiя карыстаюцца беларускай мовай, лiчым неабходным звярнуць увагу на наступнае.

Дзяржаўнымi мовамi ў Рэспублiцы Беларусь з’яўляюцца беларуская i руская мовы (артыкул 17 Канстытуцыi). У артыкуле 2 Закона «Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь» (далей – Закон) указана, што Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кiравання i самакiравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганiзацыi i грамадскiя аб’яднаннi на беларускай, рускай або iншай прымальнай для бакоў мове (артыкул 3 Закона).

У адпаведнасцi з артыкулам 5 Закона дзяржаўныя органы, органы мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемствы, установы, арганiзацыi i грамадскiя аб’яднаннi павiнны прымаць i разглядаць дакументы, якiя падаюцца грамадзянамi на беларускай, рускай мовах.

Згодна з часткай першай артыкула 5 Закона «Аб адукацыi» асноўнымi мовамi навучання i выхавання ва ўстановах адукацыi Рэспублiкi Беларусь з’яўляюцца беларуская i руская. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання i выхавання i стварае адпаведныя ўмовы для рэалiзацыi гэтага права. Пры гэтым навучанню на беларускай мове, выданню лiтаратуры, падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.

Прававую пазiцыю аб неабходнасцi дзяржаўнай падтрымкi выкарыстання беларускай мовы ва ўсiх сферах грамадскiх адносiн Канстытуцыйны Суд выклаў у рашэннi ад 4 снежня 2003 г. «Аб выкарыстаннi беларускай i рускай моў у сферы абслугоўвання, абарачэння банкаўскiх пластыкавых картак i ў сiстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», прапанаваўшы разгледзець пытанне аб унясеннi ў Закон «Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь» i iншыя акты заканадаўства змяненняў i дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць дзяржаўных моў.

На падставе выкладзенага лiчым, што змест Палажэння i сфармiраваная на яго аснове практыка вырабу бланкаў дакументаў, якiя выкарыстоўваюцца ў працэсе цэнтралiзаванага тэсцiравання, не ў поўнай меры адпавядаюць нормам указаных вышэй заканадаўчых актаў.

У сувязi з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прапануе Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб унясеннi ў Палажэнне аб парадку арганiзацыi i правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, зацверджанае пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, змяненняў i дапаўненняў, якiя забяспечаць магчымасць карыстання грамадзянамi ў роўнай меры на ўсiх этапах правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання дзяржаўнымi мовамi – як рускай, так i беларускай.

Уносiцца ў парадку часткi восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў.

Прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда 28 жнiўня 2007 г.



Старшыня

Г.А.Васiлевiч



Популярные новости
Курсы валют Национального Банка РБ
23.11.201724.11.2017
Евро 2.3553 2.3635
Доллар США 2.0031 1.9968
Фунт стерлингов 2.6533 2.6555
Российский рубль 3.3939 3.4153
Украинская гривна 7.5022 7.4313
Польский злотый 5.5818 5.6119
Японская иена 0.17865 0.17943
Статистика
Правовые акты по году принятия